Перайсці да асноўнага змесціва
Тэрапія мастацтвам
Спецпадзея

Тэрапія мастацтвам: як шукаць выйсце з сацыяльных канфліктаў

Калі
Месца
Культ. Цэнтр «Корпус», прасп. Машэрава, 9/8
Што
Сустрэча

«Тэрапія мастацтвам: як шукаць выйсце з сацыяльных канфліктаў». Адкрытае інтэрвью Таццяны Вадалажскай з Лоўрэнсам МакКеўнам

 

Праграма караткаметражных фільмаў

Адразу пасля Праграмы кароткаметражных фільмаў маладых рэжысёраў Беларусі і Ірландыі, паказ каторай прызначаны на 19:00, адбудзецца сустрэча з ірландскім драматургам і натхнёным рэспубліканцам Лорэнсам МакКёўнам (Laurence McKeown) – ужо вядомым госцем на WATCH DOCS Belarus. Суразмоўцам Лоўрэнса і «правадніком» да беларускага кантэксту будзе Таццяна Вадалажская, сацыёлаг, даследчыца, кіраўніца Лятучага Універсітэта.

Лорэнс МаКеўн – былы валанцёр ІРА, які ўжо 27 год рупліва працуе над вяртаннем міру ў Ірландыю. Ягоная зброя – тэатр, музыка, фотамастацтва, кіно.

На сустрэчы ў Менску Лорэнс раскажа пра свае п’есы: «Мінакі на вуліцы» / Those You Pass On the Street і «Зялёнае і сіняе» / Green and Blue, – якія трапілі ў балючы нерв грамадства, не толькі на Поўначы Ірландыі, але ўздоўж і ўпоперак усёй краіны. А таксама пра тое, як гадзінныя сесіі пытанняў і адказаў пасля паказу п’есы дапамагаюць людзям з супрацьлеглых пазіцый выгаварыцца, пачуць чалавека за «ўніформай» ці «маскай», навучыцца жыць далей, перажыўшы канфлікт.

Акрамя тэатральнага досведу, Лорэнс мае сярод сваіх здабыткаў і шэраг мульцікультурных праектаў, скіраваных на мірнае развязванне «вузлоў» грамадства. Пра адзін з іх, «Наступствы» / Aftermath, удзельнікі сустрэчы змогуць паглядзець відэа. У «Наступствах» запісваліся гісторыі ахвяр канфлікту, і архіў гэтых запісаў, жывых чалавечых галасоў, успамінаў і гісторый, пазней быў выстаўлены ў адкрыты доступ у Інтэрнэт. Людзей, якія расказвалі свае гісторыі, фатаграфавалі ў момант аповеду, і часткай праекту стала выстава гэтых фотапартрэтаў, а таксама арганізацыя нефармальных сустрэч герояў праекту. Такія сустрэчы маглі б дацца надзвычай складана былым удзельнікам канфлікту, калі б не мастацкае ўмяшальніцтва. А магчыма, яны не здарыліся б і зусім ніколі.

Перакладчыцай размовы стане беларуская пісьменніца Наталка Харытанюк.

 

Уваход вольны.